У Варшаве адбудзецца рэтраспектыва фільмаў беларускага рэжысёра-дакументаліста Андрэя Куцілы

Культура
Андрэй Куціла на Загрэбскім кінафестывалі.

«Чатыры аповесці пра чалавека» — пад такой назвай у Варшаве пройдзе рэтраспектыва кароткаметражных фільмаў Андрэя Куцілы — беларускага рэжысёра-дакументаліста, лаўрэата міжнародных фестываляў.

Паказ чатырох стужак адбудзецца ў клубе беларускага кіно «Кінакола».

У межах невялікай рэтраспектывы (бо ў Андрэя Куцілы значна больш кінакарцін) будуць паказаны працы дакументаліста розных гадоў: «Фокусная адлегласць» (2008), «Сваё месца» (2015), «Мімаходдзе» (2016) і «Мне трэба поціскаў» (2020).

«Гэта чатыры гісторыі пра боль і радасць, мінулае і сённяшнее, адзіноту і любоў. Інтымныя дакументальныя аповесці пра «простага» чалавека са сваім унутраным сусветам», — анансуе праграму кіраўнік «Кінакола» Мікалай Рамановіч (Лаўрынюк).

Абраныя стужкі з’яўляюцца дыпламантамі і лаўрэатамі міжнародных кінафестываляў. Да прыкладу, «Мне трэба поціскаў» атрымаў Гран-пры на Кралеўскім кінафестывалі ў Сербіі, быў прызнаны «Найлепшым дакументальным фільмам» на фестывалі еўрапейскага кіно Integration You and Me ў Польшчы. «Сваё месца» ўзяў Гран-пры на 21-м міжнародным фестывалі Local Televisions Golden Beggar у 2015 годзе ў Кошыцэ (Славаччына).

У падборцы ёсць і дасціпная і адначасова сумная стужка «Мімаходдзе» — пра прыватны музей вучонага Анатоля Белага ў Старых Дарогах. Акадэмік збіраў жывапіс, графіку, медальернае мастацтва, скульптуру па тэме нацыяльнага Адраджэння, гісторыі Беларусі. У актуальным кантэксце гэта карціна набывае дадатковае прачытанне.

Не забудзе глядач пасля прагляду і кранальную, незвычайную стужку «Мне трэба поціскаў» — пра малавядомую творцу ў палоне хваробы.

Андрэй Куціла — беларускі рэжысёр-дакументаліст з Баранавічаў, аўтар дакументальных стужак «Summa», «Стрыптыз і вайна», «Калі кветкі не маўчаць», «Госці», «Цар гары», «Днюка», лаўрэат шматлікіх міжнародных кінафестываляў, заснавальнік Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Зараз жыве ў Лодзі.

Паказ праграмы «Чатыры аповесці пра чалавека» адбудзецца 25 чэрвеня а 19.00 у Беларускім моладзевым хабе.

На сустрэчу, на якой будзе прысутнічаць рэжысёр, патрабуецца рэгістрацыя.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




OSZAR »