Музей Вольнай Беларусі пачынае праект па лічбавізацыі і прадастаўленні доступу да назапашаных артэфактаў.
Ён накіраваны на апрацоўку, захаванне і анлайн-прэзентацыю часткі калекцыі, якая асвятляе гісторыю грамадзянскага супраціву ў Беларусі. У рамках праекта будзе алічбавана і апублікавана анлайн інфармацыя пра 200 аб’ектаў — творы сучаснага мастацтва, дакументы, фатаграфіі, асабістыя артэфакты ўдзельнікаў падзей. Кожны аб’ект будзе мець падрабязнае апісанне на трох мовах: беларускай, польскай, англійскай.
Мэта праекта — захаваць і зрабіць даступнымі сведчанні нядаўняй гісторыі Беларусі, зафіксаванай у візуальных і матэрыяльных формах, што важна не толькі для гістарычнай памяці, але і для падтрымкі дэмакратычных намаганняў беларусаў за мяжой.
Плануецца апісаць 200 артэфактаў, аблічбаваць і апрацаваць матэрыялы: кожны аб’ект будзе адсканаваны або сфатаграфаваны ў высокай якасці з выкарыстаннем прафесійнага абсталявання. У выніку будзе створана анлайн-база (каталог) на трох мовах (польская, беларуская, ангельская) з фільтрамі, візуальнымі прэв’ю і функцыямі пошуку.
Каталог будзе даступны шырокай публіцы.
У рамках праекта таксама прадугледжваецца стварэнне віртуальнай выставы музейных экспанатаў і правядзенне адукацыйных мерапрыемстваў для ўдзельнікаў Беларускай музейнай лабараторыі, скіраваных на абмен досведам, навучанне і распрацоўку рэкамендацый па лічбавізацыі культурнай спадчыны.
Праект ажыццяўляецца ў межах праграмы «Лічбавая культура 2025» і суфінансаваны за кошт сродкаў Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, атрыманых з Фонду падтрымкі культуры — дзяржаўнага мэтавага фонду.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram