У якасці ілюстрацыі выкарыстана праца Уладзіміра Цэслера. Фота: facebook.com/vtsesler
Больш за трыццаць вакансій мае Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», сыходзячы з інфармацыі на афіцыйным сайце Службы занятасці. Кінафабрыка шукае намеснікаў гендырэктароў, дырэктароў падраздзяленняў, адміністратараў, адмыслоўцаў, артыстаў, мастакоў-дызайнераў камп’ютарнай графікі, касцюмераў, архівістаў, кладаўшчыкоў…
Праглядваючы спіс, само сабой нараджаецца пытанне: а хто ж тады працуе зараз на «Беларусьфільме», перад якім пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі стаіць задача — альбо зняць самаакупляльнае папулярнае кіно альбо памерці?
Кінастудыя мае патрэбу як у менеджарах кінавытворчасці, так і ў адмыслоўцах, рабочых.
Прычым заробкі, якія прапаноўваюцца суіскальнікам не назавеш «залатымі».
Так, намесніку гендырэктара прапаноўваюць 3000 беларускіх рублёў, дырэктару студыі ігравых фільмаў — 1500-2100 беларускіх рублёў, галоўнаму бухгалтару — 1800-2800 беларускіх рублёў, артыст драмы — 1200-1500 рублёў.
Шмат вакансій мае Тэатр-студыя кінаактора, які з’яўляецца падраздзяленнем «Беларусьфільма»: тут патрабуецца і дырэктар тэатра (2200-4000 рублёў), і намеснік дырэктара (1000-1800), і рэжысёр-пастаноўшчык (850-900 рублёў), загадчык білетнай касай (726-1000 рублёў), інжынер-праграміст (726-1000 рублёў), электраманцёр (200-300 рублёў).
Сярод лідараў па самых смешных заробках — касцюмер (200-250 рублёў), той жа электраманцёр (200-300 рублёў), інжынер-электрык (600-700 рублёў).
У спісе больш за тры вакансіі прыбіральшчыкаў памяшканняў, прычым іх заробкі вар’іруюцца ад 500-600 да 1000-1200 рублёў, што перавышаюць прапановы і для касцюмераў, электраманцёраў, інжынераў асобных профіляў, ды нават рэжысёраў.
Аляксандр Лукашэнка абяцаў спыніць фінансаванне студыі, бо яе праекты не карыстаюцца ні попытам у гледача, ні зарабляюць грошай. Але сыходзячы са спісу вакансіі, «Беларусьфільм» ужо знаходзіцца ў фінансавым і кадравым крызісе, які з’яўляецца прамым следствам культурнай палітыкі. Як апошнія пяць год, так і папярэднія.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram