Апублікавалі праграму міжнароднага тэатральнага праекта «Лялечны квартал» на «Славянскім базары ў Віцебску» — у ёй усяго адзін беларускі тэатр

«Лялечны квартал» — міжнародны фестываль тэатраў лялек, які штогод, пачынаючы з 2014-га, праходзіць падчас Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Дырэкцыя «Славянскага базару» апублікавала праграму «Лялечнага квартала». З 10 па 13 ліпеня на сцэне беларускага тэатра «Лялька» пройдуць паказы для гледачоў усіх узростаў. «Да ўдзелу ў фестывалі запрашаюцца найцікавейшыя калектывы лялечнікаў з краін блізкага і далёкага замежжа, здатныя спалучаць традыцыі з плённымі пошукамі ў рэчышчы сучаснага мастацтва», — паведамляе анатацыя фестывалю.

У праграме тэатральнага фестывалю — спектаклі чатырох калектываў з Расіі, аднаго з Казахстана і толькі аднаго тэатра з Беларусі, на сцэне якога і праходзіць фестываль — тэатра «Лялька». Ён пакажа спектакль «Кацёл з каменьчыкамі» паводле Уладзіміра Караткевіча і «Дзюймовачку» паводле Ганса Хрысціяна Андэрсана.

Напрыклад, Мыцішчанскі тэатр прывязе спектакль «Старая казка» па матывах архангелагародскіх казак Барыса Шэргіна. «Русское слово «лад» – основа отношений не только внутри семьи, но и отношения старшего поколения с детьми. Лад – это путь и средство в воспитании. «Жить в ладу» – говорили в старину на Руси», — паведамляе анатацыя спектакля. Пензенскі тэатр лялек прывязе спектакль пра курыцу-рэкардсменку Рабу Іванаўну. Ніжнегародскі тэатр лялек пакажа спектакль «Ізергіль» па матывах трылогіі Максіма Горкага.

Нагадаем, што тэатры лялек ёсць як мінімум ва ўсіх беларускіх абласных гарадах, аднак запрашаюць на гэты фестываль іх нячаста. На фэст прывозілі свае спектаклі Гродзенскі тэатр лялек і тэатр «Батлейка» з Маладзечна, які ў 2019-м паказаў спектакль «Сёстры Грайі», створаны рэжысёрам Яўгенам Карнягам. У 2017-м быў запрошаны Іван Кірчук з монаспектаклем «Дарожка мая». Да нядаўняга часу рэгулярна прыязджалі тэатры з Украіны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
OSZAR »